Школьнікі з вялікім жаданнем адгукнуліся на просьбу старшыні БМАГА "Інвалід і асяроддзе" і кіраўніка ініцыятывы Івана Шмыгі дапамагчы падрыхтаваць участак да азелянення. Рашэннем праводзіць летнія канікулы з карысцю юныя валанцёры зацікавілі і сваіх таварышаў. «Узброіўшыся» рыдлёўкамі, граблямі і насілкамі, падлеткі сталі дружна чысціць двор ад будаўнічага смецця, разраўноўваць грунт для пасадкі травы... Рабяты не хавалі, што паўдзельнічаць у добрай справе для іх вялікая радасць.

- Я - за дабрачыннасць, заўсёды адгукаюся, калі патрэбна мая дапамога! - сказаў вучань СШ №32 г. Брэста Уладзімір Жытніцкі. - Вельмі люблю гэтае месца і амаль год займаюся тут на вулічных трэнажорах. Мне падабаецца весці актыўны лад жыцця, удзельнічаць у карысных занятках Інклюзіўнага цэнтра, дапамагаць праводзіць дзіцячыя выставы здароўя, прычым не толькі ў Брэсце, але і ў іншых гарадах.

- Ведаеце, чаму я тут? - далучыўся да размовы навучэнец Брэсцкага прафесійнага ліцэя будаўнікоў Цімафей Юрчык. - Праца - гэта таксама фізічная актыўнасць! Я рады дапамагчы ва ўладкаванні тэрыторыі Інклюзіўнага цэнтра, бо падчас прац можна і цягліцы падкачаць. Усім сябрам расказаў аб гэтай пляцоўцы, дзе можна добра патрэніравацца, прычым, што немалаважна, бясплатна. Жадаецца, каб усе працы хутчэй завяршыліся і яшчэ больш дарослых і дзяцей маглі тут займацца і адпачываць.

Ініцыятыва "Інклюзіўны цэнтр прасоўвання ЗЛЖ" рэалізуецца ў рамках праекта "Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, прасоўванне здаровага ладу жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь" ("БЕЛМЕД"), які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам, што суфінансуецца МЗС Рэспублікі Беларусь і Польшчай. ПРААН, СААЗ, ЮНІСЭФ і ЮНФПА ў партнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.