У Віцебску прайшла інтэрактыўная мотапраграма для людзей з парушэннем зроку. Яе арганізавалі Віцебская абласная арганізацыя ГА «БелТІЗ» і моташкола «Эстэтыка ваджэння».

У мерапрыемстве прынялі ўдзел 20 чалавек з Віцебска, Наваполацка і Оршы, а таксама прадстаўнікі Расійскай Федэрацыі. Удзельнікам расказалі пра розныя тыпы матацыклаў і іх тэхнічныя асаблівасці, далі магчымасць пазнаёміцца з ахоўнай экіпіроўкай і прыняць удзел у тэматычнай фотасесіі.

Адной з практычных частак праграмы сталі паездкі на матацыклах у якасці пасажыраў. Асобныя ўдзельнікі, у тым ліку тыя, хто меў вопыт ваджэння да страты зроку, пад кантролем інструктараў таксама паспрабавалі кіраванне матацыклам.

Для бяспекі выкарыстоўваліся ахоўная экіпіроўка, мінімальны хуткасны рэжым і суправаджэнне вопытных спецыялістаў.

Такія мерапрыемствы даюць людзям з парушэннем зроку магчымасць атрымліваць новы вопыт і ўдзельнічаць у незвычайных актыўнасцях у бяспечных умовах.

Крыніца: Віцебская абласная арганізацыя ГА «БелТІЗ».